Калі вылучыць у характары Ягора тры галоўныя рысы, то гэта – унутраны спакой, уменне не рабіць усіх вакол вінавытымі, калі нешта не атрымліваецца, і добразычлівая цвёрдасць, калі чалавек кажа праўду і пры гэтым не крыўдзіць ёй.
Мы вельмі радуемся, што ад сына прыходзяць лісты. Мы прызвычаіліся да электроннай пошты, што гэта імгненна, да месенджараў. А тут ліст ідзе тыдзень, або дзесяць дзён і назад столькі ж. У XXI стагоддзі гэта неяк смешна і недарэчна. Але некаму лісты ўвогуле не даходзяць, таму радуемся таму, што ёсць.
Сын – аптыміст па сваёй прыродзе. Не драматызуе гэтую сітуацыю, успрымае гэта як нейкі вопыт – знаёмства з людзьмі, з якімі ён бы, можа, ніколі б не кантактаваў і не бачыўся. Вядома, хочацца, каб гэты абсурд хутчэй скончыўся. Зразумела, што калі за 3,5 тысячы рублёў «камуналкі» людзей трымаюць на Валадарцы, гэта і абсурдна, і недарэчна. Ёсць гэтая запазычанасць – давайце ў два разы больш заплацяць, і яны выйдуць.
Самае каштоўнае – гэта жыццё чалавека, кожны месяц, кожны дзень. Тыя, хто зараз вымушана сядзіць за кратамі… Хто ім верне гэты час іх адзінага жыцця? Як кампенсуе? Можна дыхаць свежым паветрам, а можна – у камеры. Можна есці тое, што ты хочаш, а можна тое, што табе там прынеслі. На свабодзе ты абіраеш, што табе рабіць, з кім кантактаваць, як дзень пабудаваць, а там павінен прыстасоўвацца да дзіўных нейкіх умоваў. Я свайго сына гадавала, каб ён у адной камеры з наркаманамі сядзеў? Гэта ненармальна, тэатр абсурду. Калі людзей з невінаватых робяць вінаватымі. Для чаго? Каб адвесці ўвагу грамадства ад таго, хто сапраўды вінаваты.
Ягорка, мы цябе любім, чакаем і жадаем, каб ты хутчэй быў з намі.